epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Я гарнуся да вас...»

Я гарнуся да вас, усёй душой адзінокай гарнуся.

Мае брацця, сябры,— усе паэты маёй Беларусі,

Кожным словам сваім, кожнай думкай жывой вы

гатовы

Падзяліцца з зямлёй, існавання што стала асновай.

Вось яна, Беларусь!

Шыр палёў неаглядным прасторам

Разляглася наўкол у аправе зялёнага бору...

У садках, пры гаях — быццам гнёзды, утульныя

хаты,

І народ! Наш народ — працавіты, душою багаты.

Колькі новага тут — як узнята Радзіма высока,

Гарады паднялі дахі светлых палацаў навокал,

І ніхто мар людскіх, іх імкненняў гарачых

не студзіць,

Як умеюць любіць родны край беларускія людзі!

Як умеюць яны творчасць думак і волі і ведаў

Так узняць, каб міналі зямлю іх усякія беды,

Як умеюць дружыць, як гасцей тут прымаюць

сардэчна,

І як рады яны ўсім праявам сяброўства сустрэчным.

Трэба мір нам, сябры! Мір нам вечны і згода —

так трэба,

Як галоднаму кус духавітага, чорнага хлеба.

Мы так будзем расці ў падзеях сваіх небывалых,

Каб Радзіма у нас і красой і багаццем заззяла,

Як не ззяла яшчэ ні адна старана на ўсім свеце,

Каб смяяліся ў нас смехам шчасця вясёлыя дзеці,

Каб так моладзь цвіла — у рабоце, у творчасці,

ў сіле —

Каб аб славе яе ветры песні па свеце насілі.

Бачу росквіт такі — зрокам вопыту, зрокам прарочым,

Дух займае ад шчасця — так смела наперад мы

крочым!..

І я з Вамі! Я побач — сябры мае, брацця паэты,—

Хачу спець маю песню — каб не змерла ў грудзях

недапетай.

1968 г.


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан