epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Я кожны дзень бяруся за пяро...»

Я кожны дзень бяруся за пяро —

І прылятаюць думы-пчолы роем,

Яны вясёлкай ззяюць нада мною,

Пакуль не прывітаю іх: дабро!

Адной займуся...

Ўжо другія зніклі.

А тая, што ў сэрца заплыла,

Уся поўная і праўды і цяпла —

Таго, што бачыць мы ў жыцці прывыклі.

У вобразе яна — без ценяў, таямніц,

Як залаты арэх увосень на ляшчыне,

Даткніся — і ў далоні заблішчыць,

Удар — і створкі прад табой расчыніць.

А там — зярно. Там — сутнасць. Думка, ты

Не ўпала у далонь арэхам спелым...

Нялёгка словы гэткай яснаты

Знайсці, каб ясната ўвек не сацьмела,

Не проста сэрца распаліць агнём

Такім, што нават дыямент расплавіць

І грані ўсе жыцця праявіць.

1958 г.


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан