epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Я музыку слухаць заўсёды гатова...»

Я музыку слухаць заўсёды гатова,

Душой аддавацца ёй рада,

Яна, нібы сябра нязменны без слова,

Атуліць, сагрэе спагадай.

Натхненнем душу палівае, узносіць

Ад будняў жыццёвых да шчасця,

Забыцца пра цяжкае, горкае просіць,

І сонца нішто ўжо не засціць...

Вялікай душы чалавечая сіла

Ўлілася ў натхнёныя гукі...

Калі я душою ў жыцці не астыла,

Ў бядзе не знясіліла рукі —

Ішла песня з музыкай побач нязменна,

Пры мне, як мая абарона,

І сонца ізноў мне свяціла праменна,

Радзіўшыся ў гуках натхнёных.

1971 г.


1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан