epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Я не раз бывала запявалам...»

Я не раз бывала запявалам

У маім няўрымслівым жыцці.

Ад другіх нідзе не адставала,

Лёгка, проста мне было ісці,

Лёгка я змагала схілы, горы

З песняй, поўнай сілы пачуцця.

Разгубіла я запас жыцця

Вельмі скора... Штосьці вельмі скора!

Сёння бачу, маладыя йдуць

І пяюць ўсе тыя ж, нашы песні.

Чую іх, і майму сэрцу цесна,—

І ў маіх грудзях яны гудуць!

Вось, праходзяць... Радасная, ўслед

Я гляджу... Яны, не я ў паходзе...

Зрок спагады горыч слёз лагодзіць,

Развітальны кінуўшы прывет.

1957


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан