epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Я помню перамогі свята...»

Я помню перамогі свята,

Вясны ачараванай дні.

Сцягоў —- ад радасці крылатых,

Салютаў гулкія раскаты,

Ракет вясёлкавых агні...

Як радасна мы йшлі да працы!

Блакітам неба расцвіло...

Нам рупіла хутчэй падняцца,

Каб стала лепей, як было.

Мы таймавалі боль і раны,

Мы выйшлі на работу ўсе.

Каб адрадзіўся край каханы,

Навалай горкай зруйнаваны,

Каб зноў устаў ва ўсёй красе.

І вось, не знойдзеш папялішчаў,

І друзу больш даўно няма!

І гарады і гарадзішчы

Стаяць!

Мо іх фашыст не нішчыў?..

Не. Іх наш народ нанова ўзняў!

1960 г.


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан