Я рада, што бачыла гэткіх, як ты,
Праўдзівых, адважных, прыветных і чыстых,
З душой — як вада у крыніцы празрыстай,
І з думкай — як сонца, такой яснаты.
Я рада, што побач жыла пры табе,
Што дружбы сардэчнай цяпло адчувала,
Што сэрцам адданым табе давярала
Усё — што найлепшым лічыла ў сабе.
Калі ж і памылку зрабіла калі,
І гэта будзіла у сэрцы трывогу,
К табе я спяшыла з пякучай знямогай,
І ты мае сцежкі парадай святліў.
Усё і без слоў ты ўмеў зразумець,
І мне было лёгка з табой і спакойна,
Хацелася дружбы тваёй быць дастойнай.
І сэрца навекі ў цяпле яе грэць.
Не страшна было у жыцці мне нічога,
Твой локаць быў побач... Стамлёную скронь
К грудзям прыхіну і — лагодна далонь
Прытуліць мяне — і сціхае трывога,
І зноў я спакойна жыву і дышу
Спагадай, любоўю і шчасцем абнята...
Таму гэтак цяжка адчула я страту...
І верш гэты сэрцам збалелым пішу.
1967 г.