epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Я шукала...

Я шукала цябе, мілы мой, ўжо даўно,—

Я шукала цябе, выглядала

Вось такога, як сніўся ў дзявочых мне снах,

Хоць тады я цябе йшчэ не знала!

 

Хоць ніколі цябе йшчэ не бачыла я —

Ты мне сніўся штоноч такі самы,

Як цяпер вось стаіш, поўны дзіўнай красы,

З прамяністымі ўзгляду лучамі.

 

Дай руку мне — будзь братам маім дарагім,

Пойдзем разам жыццёвай дарогай,

Мо тады чуць не будзем так моцна цярнёў,

Што калечаць бязлітасна ногі.

 

Хадзі, пойдзем па гэтай пуціне вузкой —

Нам гасцінец адкрыецца біты,

Тканы золатам кветак, брыльянтаў расой,

Траўкі шоўкам зялёным расшыты...

 

Дай мне руку! З далоняй ў тваёй далані

Сэрца з сэрцам, а душа з душою

Пойдзем, моцныя сілай кахання свайго,

Мы жыццёвай дарогай — красою!

1914


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан