epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Я так доўга была адзінокай...»

Я так доўга была адзінокай —

Маё шчасце вайна здратавала.

Ты ўвайшоў нечакана сягоння,

Ну, а я — быццам долю спаткала.

 

Што з табой увайшло ў маю хату?

Успаміны з мясцін маладосці,

Постаць друга ў шынелі салдата.

Як прыемны мне гэтыя госці!

 

Дык жа сёння нязвычнае ранне,

Промні шчасна дрыжаць залатыя,

Накрываем мы стол для снядання,

Бачу я твае рухі жывыя.

 

Не ідзі ты сваёю дарогай!

Хай яна ў адзіноце снуецца...

Я чакала... З надзеяй чакала,

Што ля хаты маёй, ля парога

Маё беднае шчасце прачнецца.

1949


1949

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан