epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Я ў высокай жыву камяніцы...»

Я ў высокай жыву камяніцы,

Прывязаў мяне горад к сабе,

Толькі сэрцу павек будзе сніцца

Лёгкі пух на бязлістай вярбе.

 

Каб нацешыць і сэрца і вока,

Каб спыніць веснавую тугу,

Сесці ў быстры цягнік я магу

І паехаць... зусім недалёка.

 

Паўгадзіны... І вось прад вачыма

Лес і рэчка, палі і лугі,

Закружылі бярозкі кругі —

Прабягаюць за вокнамі міма.

 

Я сцяжынкай іду праз палі —

Разліваецца руні зялёнае мора,

Вее пахам смалістым з застыўшага бору,

У блакіце плывуць жураўлі.

1963 г.


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан