epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Я з табой гавару і нясмела і трудна...»

Я з табой гавару і нясмела і трудна,

Як крануцца таго, што ад зроку закрыта:

Дзесьці льецца струменьчык ў глыбінах падспудных,

Толькі ложа яго вельмі мала размыта.

Ты не знаеш сама, што нясуць яго хвалі,

Хоць ты чуеш яго і імкненне і сілу...

Я павешу на юную шыю каралі,

Каб ты ўбачыла ў люстры твой воблік мне мілы.

Нецалованых губ непаўторная свежасць,

Воблік юны, задумлівы, ясны, адкрыты,

Вочы сінія вейкі скрываюць і нежаць,

А пад вейкамі промні ад мар непазбытых...

Што ты знаеш аб долі, што прыйдзе настрэчу?

Толькі сэрца зашчэміць хвілінай трывога...

А ён йдзе, а ён прыйдзе адзіны той вечар,

Пераступіш ты ўзвышша чужога парога...

Хто з табой пойдзе разам — жыцця шляхам новым?

Хто табе скарб душы тваёй юнай пакажа?

Ты здзіўлёна ўзнімаеш крылатыя бровы...

Хачу верыць — шлях шчасця да ног тваіх ляжа!

1968 г.


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан