epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Я зерне спелае адбіла ад паловы...»

Я зерне спелае адбіла ад паловы

І цьмяным золатам напоўніла далоні.

І мне чамусьці ўспомніліся словы,

Якія ты сказаў мне на таку сягоння.

Ў далонях звонкі хлеб, цудоўны, нібы песня...

А словы — у грудзях... Запалі так глыбока!

І сэрцу горача, і сэрцу стала цесна...

І слёзы палкія ўскіпалі бурна ў воку.

Паверыць я хачу... Паверыць я гатова!

А часам — нейкі жах душу маю агорне:

Што, калі ў словах тых —

не чыстай праўды зерні,

А легкадумная, узвейная палова?

1959 г.


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан