epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Яго вочы

Гэткай светлай бяздоннасці ў свеце няма,

Яна ўся ў тваіх вейках махнатых замкнута.

Гляну ў вочы твае — і не ў сілах стрымаць

Ні трывожнага шчасця, ні шчаснай пакуты.

Калі гора — там сум адаб’ецца такі,

Што ўсё сэрца маё ў спачуванні замлее,

Калі радасці там заблішчаць светлякі —

Цэлы свет для мяне ясным сонцам святлее.

Быццам промнямі плавіцца водны разліў —

Гэта светлы спакой ў тваіх зрэнках адбіты.

Мне здаецца тады — вечар зоры прыцьміў

І над возерам сонная дрэмле ракіта.

А убачыш мяне у няшчасці, бядзе,—

Колькі ж цёплай сардэчнасці погляд струменіць!

Дабраты я такой не спаткала нідзе,

Яна радасцю гора любое заменіць.

Што мне гора, што боль, што мароз, што зіма,

Калі ён мяне шчыра да сэрца прыгорне,

Ды такога цяпла і у сонца няма,

Яно ўсё, ўсё яно у вачах яго чорных.

1959 г.


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан