epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Як я цябе люблю...

Як я цябе люблю — хай скажа гэта мора,

Што у грудзях маіх бушуе, хай гавора

Аб тым сэрца, што пагляд тваіх вачэй

Сон прабудзіў яго, аж дрогнула сільней

 

І так забілася, як птушачка у клетцы,

Што вырвацца з грудзей хацела ўжо, здаецца

Як я цябе люблю — хай скажа салавей,

Што ночкамі пяяў над галавой маей;

 

I ночкі гэтыя — бяссонныя ўсе ночы,

Што да цябе няслі рой дум маіх дзявочых,

Як ты далёка быў — далёка ад мяне...

Хай скажуць зорачкі ў блакітнай вышыне,

 

Што там, вось як цяпер, дрыжалі, мігаталі,

А мне здавалася, што нешта ўсё шапталі,

А ты тады на іх глядзеў, і з вышыны

Пагляд твой да мяне звярталі стуль яны...

 

Як я цябе люблю — не скажуць толькі людзі,

Бо змогуць жа яны заглянуць там — у грудзі,

Убачыць сэрца глыб — агнёў кахання мора,

І зразумець, аб кім, бушуючы, гавора...

1911


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан