epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Як месячна!..»

Як месячна! Рэчка блішчыць серабром,

Адзета ў цяжкую кальчугу,

А месяц падсвечвае хваляў надлом,

І цені спяшаюцца з лугу.

 

Рачулка нястомна плыве і плыве

З малочна-густой павалокі.

І думка нуртуе ў маёй галаве

І ў свет мяне кліча далёкі.

 

І мулка, і нудна на месцы сядзець,

Свет бачыць у проразь аконца,

І хочацца марай туды паляцець,

Дзе юная спрытнасць і сонца.

І хочацца ўбачыць, як людзі жывуць,

Здзяйсняюць вялікія дзівы...

Вятрыста. А хвалі рачулкі плывуць

Удалеч, дзе столькі шчаслівых!

1962 г.


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан