epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Як ракіта вецце над вадой...»

Як ракіта вецце над вадой —

Распусціла русых кос багацце...

А каму праз некалькі гадоў

Станеш ты адзіным шчасным шчасцем? .

Ты як свежы, маладзенькі сад,

Што квітненнем першы раз абліўся,

Сонейку і маю вельмі рад —

Быццам мары ўсе яго збыліся.

Юная, прыгожая, як дзень

Майскі, шчодра сонейкам убрана,

Веек падае пушыстых цень

На літую свежасць шчок румяных...

Ой, нядоўгі ты, цудоўны госць,

У жыцці спякотным чалавечым —

Дык квітней жа шчодра, маладосць,

Вось такой, як ты сягоння ёсць,

Косы распусціўшая на плечы.

1968 г.


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан