epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Як сокал, думка рвецца у палёт...»

Як сокал, думка рвецца у палёт...

А ці не час мне выйсці на спачынак?

Мінуўся мне сямідзесяты год,

Снег ацярушыў густа скроні сына...

А думка ўсё ірвецца у палёт.

На горных схілах касцянее лёд,

А прыйдзе час — ў дол рынецца лавінай...

Размераны, нястрымны часу ход.

А я так шмат яшчэ зрабіць павінна!

Пасеў быў шчырым. Спее ўмалот.

Зрабіла, знаю, меней, чым магла.

На болей, людзі, не хапіла сілы...

Мой конь не раз збіваў мяне з сядла,

Я сэрца моцна аб каменні біла...

Таму зрабіла меней, чым магла.

Ў мяне ўжо кароткая дарога,

Хоць думка сокалам ірвецца ўвысь,

Прашу, мяне вы не судзіце строга,

Арліцаю і я была калісь —

Ды гора з’ела сіл маіх замнога.

1969 г.


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан