epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Як свеціцца цудоўны камень...»

І
ІІ


І

 

Алесю Пальчэўскаму

 

Як свеціцца цудоўны камень

Глыбокім бляскам чысціні!

Палае радугі агнямі,

Якіх не збрудзіш і не спляміш,

Як зорку з горнай вышыні.

 

Што парадзіла гэту яснасць?

Што цвёрдасць каменю дало?

Імклівай завірухі страснасць —

Ў глыбінных нетрах непагасных —

Стварыла чыстае святло?

 

ІІ

Ёсць людзі той жа сілы духа

І той крыштальнай чысціні,

Якіх паліла на агні

Злавеснай буры завіруха.

 

Скуль моц асілкаў яны ўзялі,

Каб знішчыць горычы сляды,

Ачысціць сэрца ад акалін,

Стаць у працоўныя рады?

 

Як ясна свецяцца іх вочы!

Якая любасць да сяброў!

А сэрца прагне, рукі хочуць

Ўвайсці хутчэй у рытм рабочы,

Тварыць дабро. Тварыць дабро...

 

Красу душы, дум гордых сталасць

Ім доля не магла скрышыць.

Іх непахісную трываласць

Жыццё ў дыямент адкавала,

Каб цуд стварэння завяршыць.

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан