epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Якубу Коласу

Шмат слоў гарачых я ў душы знайду,

Каб прывітаць цябе, любімы Колас...

Радзіма несла гора і бяду,

Калі над ёю прагучаў твой голас.

Ён гнеўны быў, магутны быў, як сталь,

У ім звінелі грозныя матывы.

Ён калыхаў разбуджаную даль,

Змагацца клікаў люд за лёс шчаслівы.

Народжаны у дні ліхіх вятроў,

Ён гартам волі наліваў нам грудзі,

Будзіў на бой зямлі працаўнікоў,

Ён зычыў волю ўсім гаротным людзям.

Цяпер з нас кожны — волі уладар.

Сям’ёй прыйшлі мы прывітаць паэта,

Якога песні — дзіўны сэрца дар —

Лунаюць вольна над шырокім светам.

Вітаем словам радасным таго,

Чыё імя Радзіма ўшанавала,—

Сяўца, што сеяў праўду з году ў год,

Каб век яна квітнела — расцвітала.

Жыві ж, красуйся многа зім і лет,

Працуй на шчасце роднае дзяржавы,

Наш добры друг, абраннік і паэт,

Увенчаны ўсенароднай славай.

1954 г.


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан