epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Янку Купалу

З дзён дзяцінства да старасці год

Нас гарачая дружба з’яднала.

І у шчасці, і ў суме нягод

У твой дом я прыходжу, Купала.

Дом твой быў мне прыязны заўжды,

Ты спрыяў мне з пачуццем глыбокім.

Мо таму, што на шлях твой шырокі

Я драбнюткія клала сляды...

Як вясёлкі яскравай дуга,

У паэзіі шлях твой адзначан.

Ну — а побач ступала нага

Маёй скромнае музы дзіцячай.

Яе мары ты сціпла збярог

У букеціку «Кветкі курганнай»...

Бляск пялёсткаў у росах духмяных

Ты убачыў, цвісці ім памог.

Дні прайшлі... Прамінулі гады,

Сівізна маю скронь заснавала...

Ты ж душы маёй блізкі заўжды —

Шчыры дружа мой Янка Купала.

1959 г.


1949; 1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан