epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Яны не звянуць, быццам кветкі...»

Яны не звянуць, быццам кветкі,

Расцвіўшыя вясной.

Яны — нялёгкай долі сведкі,

Што ўсцяж была са мной.

Я іх пісала сэрца кроўю,

Іх дум паліў агонь,

Яны напоўнены любоўю

Да людства усяго.

Да маці, роднае радзімы,

І да яе сыноў,

Як хвалі цёплыя Гальфстрыма,

Вось грэюць сэрца зноў.

А ці прывеціце вы, людзі,

Іх, верных, і тады,

Калі мяне ужо не будзе —

Праз доўгія гады?

Аб вас я думала, патомкі,

Я марыла аб вас,

Калі прачула і нягромка

Вяла свой шчыры сказ.

Вам ведаць аб дзядох не дрэнна,

Іх паважаць не грэх,

Яны да шчасця дзён праменных

Наставілі вам вех.

Ідзіце смела той дарогай,

Дзе мары нашы йшлі,

І пракладайце шлях свой строга

Да шчасця ўсёй зямлі.

Войн бойцеся! У нас нямала

Ў баях людзей злягло,

Іх маладосць не расквітала,

Іх шчасце не гуло.

Зляглі. Героямі радзіму

Так засцілі ад бед —

Што і прад вашымі вачыма,

Як жар, гарыць іх след.

Вам ганарыцца імі можна,

Іх паважаць не грэх,

Яны да шчасця — з дзён трывожных

Наставілі вам вех.

А я... А я жыла між імі,

І я любіла іх...

І з вамі буду жыць, з жывымі,

Жыццём радкоў маіх.

Прыслухайцеся к іх гаворцы,

Адчуйце шчырасць дум...

Бярозка белая на горцы

Раняе светлы сум,

Так з дзён былых — да вас прыйду я

Жывою — да жывых,

На сэрцы вашы упаду я,

Адчую водкліч іх,

Ім нагадаю пра такое,

Чаго мо ў іх няма...

Паэта душу не ўспакоіць

І смерць сама.

1965 г.


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан