epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Елка

Апранула з белай ваты андарак,

Ногі ўсунула ў белы, цёплы пух,

Не дабрацца к ёй марозу аніяк,

Кружыць снег над ёю роем белых мух...

Хоць і вельмі урачыстая яна,

Веліч проста знерухоміла яе,—

Збоку мжыцца пахам радасным вясна,

Бо галінка пах смалісты ў сонцы лье.

Хоць усю яе ахутала зіма

У бліскучы, у пуховы, мяккі снег,

А стаіць яна, як маладосць сама,

Ў ёй і радасць, і вясёлы звонкі смех.

1945


1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан