epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Каб я мела...

Каб я крыллі лёгкай птушкі -

Салавейкі мела,

Ў гай вясёлы, гай зялёны

Я б не паляцела.

Каб я мела голас звонкі,

Голас салаўіны, -

Я б спяваць не паляцела

На дрэўцаў вяршыны...

Я бы з песняй паляцела

Ў горад той далёкі,

Там ёсць дом - пануры, сумны,

Цёмны і высокі...

На акне закратаваным

Я бы з песняй села

І астрожнікам няшчасным

Сваю песню б пела.

Я спявала б аб свабодзе,

Аб шчаслівай долі,

І забыліся б пад песню

Яны пра няволю.

Галасамі дзіўных чараў

Я бы залівалась,

Лясоў, ніў прыволле нашых

Нагадаць старалась.

І пад песню маю думкі

Іх бы прасвятлелі,

Твары радаснай усмешкай,

Шчасцем увяснелі,

І не цяжкая была бы

Ім тады няволя,

Бо пад песню яны б снілі

Аб шчаслівай долі.

 

1914

 


1910; 1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 1. Вершы.; Паэма [Аўт. уступ. артыкула Д. Чаркасава]. -- Мн.: Маст. літ., 1981. -- 302 с., 1 с. іл.
Крыніца: невядомая