epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Каб магла я зоркаю гарэць!..»

Каб магла я зоркаю гарэць!..

Зайздрасць сумам сэрца заснавала.

Мне б твае праменні, зорка, мець,—

Я б не так іх скупа рассявала.

Запаліла б іх ва ўсю я моц

І распырскала б у ноч шырока,

Аж туды, дзе дыша цёмны Сож,—

Над зямлёй Радзімы яснавокай;

Насукала б струн я залатых,

Нацягнула б на вяршыні бору,

Каб паслухаць, як на струнах тых

Бор зайграе ціхім пераборам.

Ўсю сябе з душой народа зліць,

Абысці краіну напрадвесні,

Каб усё спазнаць, усё адкрыць

І злучыць у звенні звонкай песні;

Загрымець, як той вясенні гром,

Бліскавіцамі прарэзаць хмары

І праліцца песенным дажджом

На Радзімы родныя папары.

1946


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан