epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Каля мора

Расплыліся мае косы

Ў сіняве вады празрыстай,

Залацістай, грузнай хваляй

Цераз плечы паплылі.

Ранак. Парк. На кветках росы

Халадзеюць серабрыста...

А вышэй, у бляску сонца,

Самацветы расцвілі.

Я лягла ў пясок шаўковы,

Хвалі зыблюцца пяшчотна,

Навяваюць шчасця мары,

Навяваюць лёгкі сон...

Дрэў насады цытрусовых

Кадзяць пах, густы, дрымотны,

Каля кветкі крылляў пару

Развінае махаон.

Дышуць кветкі, дышуць парна

Пахам кволае пяшчоты,

І салодкаю атрутай

Ў сэрца льецца мне яна.

Мой любімы недалёка,

Мне пяюць аб гэтым хвалі,

Трапяткое сэрца б’ецца

І зганяе лёгкі сон...

Мне здаецца, скрогат кроку

На пяску я чую здалі...

Ён падыдзе, усміхнецца,

І — абніме моцна ён!

1956 г.


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан