epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Калі пажар бушуе дзесьці...»

Калі пажар бушуе дзесьці,

Хоць ён далёка,— сэрцу страшна.

Ні воч не можаш ты адвесці —

Ні дум, пакуль агонь не згасне.

Ты ведаеш, там гіне хата,

Пажар людскі прытулак нішчыць...

І мо жылі там небагата,

А астаецца — папялішча.

Калі ў пажары гінуць дзеці,

Жывыя людзі, ў страшных муках...

О, людзі, людзі на ўсім свеце,

Звяжыце вы злачынцам рукі!

Тут трэба моц вялікай сілы,

Каб дух драпежніка знясіліць,

Чакаць тут нельга ані хвілі,—

Хай заглыне яго магіла!

Цярпець такое! Не, няможна,

Каб нішчыў вылюдак пракляты,

Па кім сумуе мур астрожны,

Людскі здабытак небагаты.

Каб грабіць мог безабаронных,

Каб на слабейшых кідаў сілу!

Пара устанавіць законы:

Падпальшчыкам вайны — магіла!

1969 г.


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан