epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Калісьці вечар быў адзін такі...»

Калісьці вечар быў адзін такі...

Гарэлі ў цёмных веццях светлякі,

Шумела мора ў зыбкай, соннай лені...

Прысела я на камень ля вады,

Ты галаву паклаў мне на калені,

З тых пор прайшло ужо нямала лет,

Сустрэчы той даўно зацёрся след.

Чаго ж цяпер — спатканнем выпадковым

Усхваляваны ты — і проста сам не свой?

Мо тым, што больш няма дзяўчынкі той,

З касой да пояса шаўковай,

Што паміж нас адлегласці сцяна,

І стала жонкаю чужой яна...

І ты ж не той асілак малады,

Ёсць ніці срэбныя ў гушчэчы барады.

І толькі ў выглядзе агульным ёсць

Сцвярджэнне: тут шумела маладосць...

Табе і мне гадоў, мой друг, нямала.

Не ўсё жыццё дало, што абяцала,

А толькі чую я — што і для нас

Дзень сонечны не да канца пагас.

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан