epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Каралішчавічы

Двухпаверхавы дом устаў ў цішы лясной.

Дзень і ноч сосны, елі глядзяць у акно,

Вецер быццам на гуслях, на веццях літых

Йграе сказы-быліны аб снах залатых,

Што ў марах народных снаваліся век,

І тады, калі ў горы трываў чалавек.

Мо таму нам так добра тут жыць, працаваць,

Што жыцця адгалоскі тут рэхам гучаць,

Успаміны і думкі — ўсе скарбы душы —

Разбяры, упарадкуй, і сядзь — і пішы...

Гэта дом наш... Дом творчасці. Кожнаму з нас

Радасць працы адчуць давялося не раз

Мо таму, што тут людзі працуюць штодзень,

Думка ў словы і рыфмы тут лёгка ідзе,

Толькі дай сэрцу волю, душы не таймуй,

Лягуць верша радкі — адзін к аднаму —

І аж здзівішся сам — баразну к баразне —

Так араты з-пад плуга кладзе па вясне.

Выйдзеш ранкам, за лесам жытнёвы прастор,

Пахне збожжам. На ўзмежку ружовы чабор —

Дык паветра — хоць пі яго, быццам віно,

Пахам лесу і поля наліта яно.

Пахадзі па лясах, па палях пахадзі,

Усё, што складзена ў памяці — ўсё разбудзі,

Падпарадкуй, прадумай, і сядзь, і пішы —

І ўсё, што напішаш — гучыць ад душы.

1957 г.


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан