epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Каваль

Адкаціўся фронт агністы

З беларускае зямлі.

Партызаны, камуністы

У сяло з лясоў прыйшлі.

Кузню ставілі сяляне.

Ажываць пачаў калгас.

З фронта ён, Фядос Баканаў,

Тут надарыўся якраз.

Па цяжкіх вайны дарогах

Вёў яго салдацкі лёс.

Гора зведаў воін многа,

Тры раненні перанёс.

Ён у танкавай брыгадзе

Да шпіталя ваяваў,

Потым з майстрамі паладзіў,

У майстэрні працаваў.

Танк скалечаны, бывала,

Возьмуць з поля цягачом

І так вылечаць удала,—

Зноў той танк грыміць, як гром.

Сам сержант казаў нярэдка:

— Наш Баканаў — маладзец:

У баях быў смелы гэткі

І ў майстэрні — лепшы спец.

Колькі іншы прыме мукі

З хворым танкам — тыдзень, два...

Залатыя ў цябе рукі,

Залатая галава!

Скуль, салдат, ты толькі ўзяўся?

Дзе радзіўся ты такі?

А Фядос: — Ды дзе?.. Ў калгасе,

Ля вядомае ракі,—

Наш калгас стаіць над Сожам,

Дзе шуміць зялёны бор.

Маці там мая...

Ужо, можа,

І няма яе...

З тых пор,

Як там вораг, верыш, браце,

Боль у сэрцы я нашу:

Родны край і вобраз маці

Увайшлі ў маю душу.

Часам мне уночы сніцца,

Што наўкола ціш, спакой,

Толькі бліскаюць зарніцы

Бляскам грозным над ракой.

Хай запомніць вораг люты —

Дні адплаты надышлі

За пажары, за пакуты

І за гора на зямлі.—

Як ручай, размова льецца.

— Праўду кажаш, Федзя, брат!

Хутка дасць, як трэба, перцу

Чужаніцам наш салдат.

Нашы танкі і «кацюшы»

Біць пачнуць, аж грымне гром.

Выб’ем мы з фашыстаў душы —

За Радзіму, за твой дом,

За тваю старую маці,

За любімы твой калгас

І ўсё тое, што ты страціў,

Адбяром, як прыйдзе час!

А сягоння ўсе дарогі

Пазліваліся ў адну:

Дабівайся перамогі,

Завяршы, салдат, вайну!

. . . . . . . . . . . . . . . .

Ён ішоў, салдат, дахаты

Праз баі, праз дым і гром.

І прыйшоў...

У маці свята,

Асвяціўся шчасцем дом.

Бор стары шумеў прыветна,

Біўся ў бераг хваляй Сож.

Хлопец глянуў непрыкметна

У люстра: — Я нічога ўсё ж...

Не пазнала сына маці:

На вайну пайшоў хлапец,

А цяпер з таго хлапчаці

Адмысловы стаў баец!

Працаваць ён стаў старанна,

Ён куе шчаслівы лёс.

Ён ужо — Фядос Іваныч —

Франтавік-салдат Фядос...

. . . . . . . . . . . . . . . . .

Зашумелі ураджаем

Неабсяжныя палі.

Дзень зажынак наступае.

Ўсе жняяркі ў ход найшлі.

І дзяўчаты вяжуць збожжа.

Перавяслаў жоўтых жмут

У руках у іх у кожнай —

Працаваць шчасліва тут!

Ураджай такі наліўся

Сокам радаснай зямлі,

Што Ганусі і Марысі

Ўслых размову пачалі:

— Сноп цяжкі, салома — ў сажань,

Колас доўгі, наліты...

Самавяз той лёгка вяжа

Сноп пшанічны залаты...

Гаварыў Фядос Іваныч,

Што наладзіць самавяз.

Хоць зайшоў бы, хоць бы глянуў,

Што тут робіцца у нас.

Старшыня па полі едзе,

Не йдзе думка з галавы:

— Перагоняць нас суседзі,

Каб я гэтак быў жывы!

Вось аўсы наўкол бялеюць,

Пераспеў ужо ячмень.

Снапавяз бы! — Рукі млеюць

У дзяўчат за цэлы дзень.

. . . . . . . . . . . . . . . . . .

Спахмурнеў Фядос Іваныч,—

Не даецца самавяз.

Ён упарта і старанна

Ўсё наладжваў па сто раз.

Ну і ўсё як след наладзіў.

Праца ў полі аж гудзе...

Старшыня шчаслівы кажа:

— Хопіць мне цяпер людзей!

— Дапамог ты нам, Іваныч,

Залатая галава!..

— Не хвалі,— хваліцца рана,

Шчэ не скончылі жніва!

Дні гарачыя. Ўрадлівы

Год: пшаніца, як сцяна,

Пад жытамі гнецца ніва,

Гнецца к долу ярына.

Тут не толькі ўдзень — і ўночы

Хай машыны жнуць і жнуць...

Кажуць: летні дзень рабочы

Корміць зімку і вясну...

І пайшло, пайшло... Вакола

Дзень і ноч гудуць палі,

Сэрца цешыцца вясёлай

Песняй працы на зямлі.

Залатое жыта зжата,

Дажынаецца авёс.

Па дарозе, як на свята,

Караван плыве багаты,

З хлебам радасны абоз.

Над трохтонкай сцяг крылаты

Плешча, рвецца да нябёс!

 

І шчасліва йдзе гаворка

У калгасе, між людзей:

— Мо на грудзі лепшых зорка

Залатая упадзе...

 

А ў сяле дзяўчаты ходзяць,

Паглядаючы здаля

Сарамліва пры народзе

На Фядоса-каваля.

 

Больш за ўсіх глядзіць Марына,

Што працуе у садах,

Чарнавокая дзяўчына,

Галасістая, як птах.

А каваль ледзь гляне часам

І шаўковы вус кране,

Загаворыць нізкім басам,

Як калісьці на вайне:

— Хто умее працаваць,

Таго любяць паважаць.

Пасадзіў ён сад пры хаце,

Па згародзе ўецца хмель,

Сталі дрэўцы падрастаці

Паміж градак канапель.

Расцвілі пад восень кветкі,

Шмат вяргіняў ля акна,

Ёсць яшчэ гатунак рэдкі

Астраў... Зойдзе мо «яна»?..

Сёння выбеліў вароты,

Печ паправіў і страху,

У руках кіпіць работа,

Аж расцвіў душой...

А потым

Затуманіўся крыху.

Без прычыны ў вокны гляне

І кране рукою чуб...

— Што ты ўсё працуеш з рання.

Ты б схадзіў, сынок, у клуб!

. . . . . . . . . . . . . . . . . .

Там, у клубе,— гарманісты,

Скрыпачы і цымбалісты,

Граюць звонка. «Шырай круг!»

У грудзях займае дух!

Навакола смех і спевы.

Танец лёгкі, як віхор;

То направа, то налева

Круціць дзеўчыну танцор.

Размаўляюць побач цёткі,

Яснавокія малодкі:

— Наш калгас у годзе гэтым

Шмат дабра намалаціў.

У газетах ёсць партрэты

Тых, хто працай заслужыў...

А Фядос ідзе з Марынай,

Чарнавокаю дзяўчынай:

— Шырай, шырай дайце круг! —

У грудзях займае дух!

Круг у хаце павялічан,

Радасць свеціцца агнём.

А гармонік грае, кліча

Ўсіх людзей у гэты дом.

І нясуць іх, здэцца, крылы,

Уздымаюць у палёт

Да шырокіх небасхілаў,

Да праменістых яснот.

1953 г.


1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан