epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Купалу

Жывым любіла, дружа, я цябе,

Жывым цябе я толькі ўспамінаю.

І вось таму не ў смутку, не ў жальбе,

А ў песнях я сваіх цябе вітаю.

Раскрыю кніжку, і нясе мяне

Паток гарачы музыкі і слова,

Настрэчу сонцу, кветкам і вясне,

Дзе бор шуміць, дзе шалясцяць дубровы...

Наш край — і ты...

Скажу вось: Беларусь,

У гэтым слове мне гучыць: Купала.

Ды так гучыць, аж я сама дзіўлюсь,

Як быццам разам словы я сказала.

Мая Радзіма і яе пясняр —

Імён супольнасць і супольнасць долі:

Бяды цяжкой накінуўся цяжар,

Ды вы ў бядзе не рынеце ніколі!

Жыць будзе край,

Купала будзе жыць!

Для Беларусі блізка час свабоды,

Купалы песня зноў там зазвініць,

Дзе Днепр сівы паважна коціць воды.

Мая Радзіма! Блізка волі час,

Ідзі да перамогі цвёрдым крокам,

Бо промень волі над табой не згас,

Прыцьміўся ён на хвілю толькі мрокам.

1944


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан