epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Курган

Там, дзе быстраю хваляю рэчка плыве,

У даліне між цёмнага лесу,

Прытаіўся высокі зялёны курган

Пад плакучых бярозак завесай.

 

Руж здзічэлых кустамі зарос ён увесь,

Хто садзіў іх — ніхто тут не знае,

Між руж камень стаіць; пазалоту з яго

Сцёрла часу рука векавая.

 

А на камені надпіс: «Пад тым курганом

Ляжаць двое — хлапец і дзяўчына:

Паб бярозкай зялёнай схаваны Янук,

Пад кустом ружы дзікай — Галіна».

 

Хто іх тут пахаваў і былі кім яны —

Надпіс гэты не кажа нічога.

Аб усім давялося даведацца мне

Ад вандроўнага дзеда старога.

 

— Шмат гадоў працякло, як было гэта ўсё,—

Пачаў дзед.— На гары над далінай

Двор вялікі стаяў. У двары тым жыў пан

Нейкі з дочкай прыгожай, Галінай.

Тут, бывала, штоноч цэлы двор у агнях;

Шмат паноў адусюль наязджае,

Цэлу ноч п’юць, пяюць і гуляюць яны;

Без устанку музыка іграе,

 

А чуць свет раз’язджаюцца ўсе, хто куды;

Спаць кладуцца і пан і дружына.

Як замрэ цэлы двор... Адна толькі не спіць

У дварэ маладая Галіна.

 

Яна хутка ўстае, бо пад дубам ужо

Янка ціха на дудцы іграе,

Тут, бывала, штодзень статак белых авец

Ён на пашу у лес прыганяе.

 

І прыгожы ж быў Янка: хлапец, хоць глядзі!

Твар, як кроў з малаком памяшана;

А яго валасы чорны й цёмны, як ноч,

У стручочкі былі пазвіваны.

 

Там, бывала, пад дубам пасядуць яны,

Ціха-ціха на дудцы ён грае,—

Стада белых авечак паляжа укруг,

А Галіна вяночкі сплятае.

 

Але трэба ж бяды. Адзін пан малады

Прысылае сватоў да Галіны.

Бацька рад, на вяселле склікае гасцей,

Хоць не хоча йсці замуж дзяўчына.

 

У двары зноў банкет: п’юць, гуляюць, пяюць,

Рой дзяўчат маладую ўбірае:

Яна ж, вочы самкнуўшы, на крэсле сядзіць,

Толькі белыя рукі ламае...

 

Потым ўстала, памалу ідзе да дзвярэй...

— Пачакайце, вярнуся! — сказала.

На дварэ чакаў Янка — на рукі яго,

Абамлеўшы, Галіна упала.

 

Час ляцеў — маладая назад не ішла...

Праляталі мінуты, гадзіны...

Над ракой нейкі крык... скаланулась вада...

Ў ёй прапалі Янук і Галіна...

 

Тут, пад тым курганом, бацька іх пахаваў...

Скончыў дзед і закрыў твар рукою;

Па сівой барадзе ўперагонку з сабой

Плылі ціха сляза за слязою.

 

— А скажы мне, стары, адкуль ведаеш ты

Ўсю гісторыю Янкі й Галіны?..

Тут стары памаўчаў і, абцёршы слязу,

Мне сказаў: — Янук быў маім сынам...

1914


1910; 1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан