epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Курганная кветка

На сухім, сухім кургане,

Дзе ад спёкі траўка звяла,

Сярод лому, на бур’яне

Мая кветка красавала.

Калыхаў яе не ветрык,

Палівала не вадзіца,

А гарачых слёз расіца,

А уздыхі з глыбі нетры.

Не дзівіся ж, што балесна

Лепясткі яе шапочуць.

Ціхай скаргай, сумнай песняй,

Быццам ласкі просяць, хочуць;

Быццам моляць аб спагадзе

Болем цяжкім, непраможным...

А ты... ціха, асцярожна

Палі кветку ў смерці садзе...

Акрапі жывой вадою

Веры ў шчасце і надзеі,

І другою мо красою

Сэрца-кветка зарунее,—

І мо кіне на бур’яне

Да зямелькі прыпадаці,

Слёзы-росы праліваці,

На магіле, на кургане...

І мо зробіш, што красою

Яна новай заяснее,

Пахам шчасця і надзеі

Узнясецца над зямлёю.

І мо зробіш, што высока

Яна ўзнімецца угору

І засвеціць бляскам зораў

На палёў прасцяг шырокі...

Бо не плачкай ёй радзіцца,

Ценем смерці не ўзрастаці,

А жывой красой ірдзіцца,

К сонцу, к шчасцю заклікаці.

1914


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан