epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Кветка папараці

Фантастычны абразок у адной дзеі

 

Асобы:

Хам — Русалкі

Рэч дзеецца на Яна Купалу. Лес. Месяц свеціць. Хам у мужыцкай

вопратцы выходзіць на акраіну лесу. Пагляд яго мутны; павароты

цікаючыеся, перапалоханыя.

 

Хам

Гадзіны ўюцца кругом,

Выюць у імшарах ваўкі...

Во!

(Адступаючы.)

Чорт ляціць за чартом,

Б’ючы хвастамі ў бакі...

Ведзьмы з балота паўзуць —

Ўсе у балотнай ціне —

Штосьці жудліва пяюць.

( Сцеражэцца, быццам ад удару.)

Граззю кідаюць ў мяне.

Енча пад нагамі мох,

Штосьці так вые ў кустах,

Валежнік ліпне да ног,

Па спіне бегае страх.

(Адыходзіць.)

Пайду...

(Спыняецца.)

Во, ведзьмы — за мной!

Вочы гараць іх агнём...

Во, як лятуць грамадой!

(Слухае.)

Во, во, аж стогне дзесь лом.

( Бяссільна.)

Не, я ўжо больш не магу!

За што ж мук столькі здарма?!

Выбіўся з сілы ў бягу —

Кветкі ж няма і няма.

( Аглядаецца.)

Лягу лепш; ўрыюся ў мох,

Вочы схаваю ў руках

Мо не ўгледзяць, дзе я лёг,

Мо крыху ўвоймецца страх.

(Кладзецца і пачынае драмаць.)

Лес раптам асвечваецца зеленаватым светам. З горкі ўніз да Хама

спускаюцца русалкі. Валасы іх распушчаныя; белыя свабодныя

вопраткі спадаюць да зямлі; на шырокіх рукавах даўгія разрэзы, на

галовах — зелень. Наперадзе ідзе адна і трымае ў руцэ Кветку Папараці.

1-я Русалка

(становячыся над Хамам)

У верас прыкрыты,

На сілах разбіты,

На моху ён сонны ляжыць,

А над галавою

Цвет-шчасце зарою

Святлістай, ірдзістай гарыць.

2-я Русалка

Ачнісь! Гэта кветка

Адзін раз улетку

Хвіль колькі, адно бач, цвіце.

Цяпер твая доля

Праміне; ніколі

Не зловіш, не згоніш нідзе.

3-я Русалка

Сон мёдам заклеіў,

Сон макам засеяў,

Сон вочы мароча яго;

Сон сілы папутаў,

Сон думкі паблытаў,

А ён — ён не чуе таго.

4-я Русалка

Ты спіш, але скора

Прачнешся...

2-я Русалка

Не ў пору.

4-я Русалка

Другая світае пара.

Тады лес румотам,

Ні ведзьмы з балота

Цябе не пражэне мара.

5-я Русалка

Ты спіш, як дзяціна,

А прыйдзе часіна —

Устанеш — твой прыйдзе чарод;

Бляск зор залаценькі,

Луч сонца ясненькі

З блакітных дастанеш высот.

Усе Русалкі

(беручыся за рукі)

Раскажмо, сястрыцы,

Пра ўсе небыліцы,

Каторыя збудуцца з ім;

Хай чуе, хай знае,

Яго што чакае,

Што збудзецца скора — аб тым

Раскажмо, сястрыцы!

4-я Русалка

(выпускае рукі,пасля працягвае іх

над Хамам, быццам у гіпнатычным сне)

Шырока граніцы

Раскінулісь ўладства твайго,—

Далёка, шырока,

Не скінуці вокам,

Вумом не абняці таго!..

Во, рэчныя хвалі,

Сінёвыя далі,

Палёў каласістых абшар;

Барок во зялёны

Дрыжачай каронай

Купаецца ў небе без хмар.

Жыццё б’е крыніцай,

Ажыўчай вадзіцай,

А чыстай, вось, быццам сляза!

1-я Русалка

(бярэ 4-ю за руку)

Дзе бачыш ты гэта?

4-я Русалка

Там вечнае лета,

Там вечная шчасця краса!

2-я Русалка

Чый край той шчаслівы?

4-я Русалка

Зноў бачу, о дзівы!

Штось рушыцца, сыплецца ў пух.

Русалкі

(да сябе)

Аб чым гэта мова?

4-я Русалка

Разбіты аковы.

(Радасна.)

Свабодна ўзлятае...

Русалкі

Хто?

4-я Русалка

Дух!

Русалкі

Ды чый?!

4-я Русалка

Чалавека!

Русалкі

Якога?

4-я Русалка

Адвеку

Што лямку няволі цягнуў.

Русалкі

Дзе, дзе? — мы не бачым.

4-я Русалка

(выпростваючыся, з моцай)

Досць енку, досць плачу:

Ўладар к сабе ўладства вярнуў

Русалкі

Ды дзе ён?

4-я Русалка

Зарою

Над роднай зямлёю

Усходзе... во — сонцам гарыць.

Высока пад неба

Азвецца, і глеба,

Бы ліст на вышыне, дрыжыць.

З чала дзве зарыцы —

Дзве родны сястрыцы

Праменні сплятаюць свае.

Да хмар даланёю

Дастаў ён адною,

Другой да зямлі дастае.

Русалкі

Ўладар наш! О, мілы!

Хам

(пачынаючы варушыцца,бармоча праз нос)

Мяне — да магілы?

Да раю?.. Чакайце!..

4-я Русалка

(нагінаючыся над ім і ўпёршы ў яго вочы)

Чаго?

Хам

(громка)

Я жыць, жыць хачу я!..

Русалкі

Сон думкі бунтуе,

Сон марамі страша яго.

4-я Русалка

Кажы, чаго трэба?

Хам

(бармоча)

Крывавае неба?..

Га! Ведзьмы дзве душаць мяне..

Во — кажа — цалуе.

4-я Русалка

Кажы больш!

Хам

Хачу я

Сваб...

(Абрывае і бармоча.)

Русалкі

Зморы дзве бача у сне!..

Хам

(бармоча)

Во, ведзьмаў шчаняты,

Во, во, чарцяняты

Масцяцца, каб як укусіць.

Вон!

Русалкі

(паміж сабой)

Што, што ён кажа?

Хам

Вон, племя уража!

Вон! Сонца маё ўжо гарыць...

4-я Русалка

(бярэ кветку з рук 1-й і становіцца над

бармочучым Хамам)

Ўстаў дух твой, ды цела

Тваё абамлела,—

Яму йшчэ не час уставаць;

Ды йдуць часы тыя,—

Яно ўміг ажые

І пойдзе ствараць, будаваць.

Рэха

Як цемра загіне,

Як ночка праміне,—

Тады пара прыйдзе ўставаць!

Русалкі

(усе колам)

Глянь,— месяц бялее,

Глянь,— цемра радзее,—

Ўраз пойдзем ствараць, будаваць.

(Русалка кідае кветку яму на грудзі.

Месяц гасне.

Хвіліна — цёмна зусім.

Русалкі спяваюць.)

Глянь,— месяц бялее,

Глянь,— цемра радзее,—

Ўраз пойдзем ствараць, будаваць!..

(Русалкі разбягаюцца;

голас ціхне; ўдалі — за лесам —

разгараецца зара раніцы.)

Заслона.


1914?

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан