epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Ляці, думка

Ляці, мая думка, ляці ты, галубка,

Ў далёкую даль -

У хмарку змяніся, стралою пусціся

Між ветравых хваль.

 

Ў ягона ваконца праменнямі сонца

Святліста зірні:

Як час ён праводзіць ці весела сходзяць

Ў жыцці яго дні?

 

Здароўе як служыць, ці смуціцца-тужыць

Парою за мной?

А ясныя вочы ці часам марочыць

Боль горкай слязой?

 

На ўсё углядайся, на ўсё прызірайся,

Усё зразумей...

Як будзе ён смутны - ты чарам магутным

Нуду ўсю развей.

 

Цудоўныя дзівы аб долі шчаслівай

Прад вочы стаўляй,

Аб далях святлістых, аб днях прамяністых

На ліры іграй.

 

Як хмарка, без цела, дух ясны, дух белы,

За ім ты хадзі

І тоненькай, кволай, ды заўжды вясёлай

Ты кветкай цвіці.

 

1914

 


1912; 1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 1. Вершы.; Паэма [Аўт. уступ. артыкула Д. Чаркасава]. -- Мн.: Маст. літ., 1981. -- 302 с., 1 с. іл.
Крыніца: невядомая