epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Ляці, душа

Ро-ку Т-о

 

Ляці, душа мая,— пакінь зямлю зямлі.

Сама ўзніміся ўвыш, у звёзднай згінь далі,

Завісні зоркаю у галубым прасторы,

Забудзь там аб сваіх балесцях і аб горы.

Замёрзлая, сагрэй сябе промнямі сонца

І, у запас узяўшы іх, вярнісь к сваёй старонцы...

 

Сама, як светлы промень, плыві ты над зямлёй —

Дзень — сонейкам ясней, ноч — яснай зорай.

Плыві над светам ты праменнямі прадвесня,

І лёд, скаваўшы нас, пад духам тваім трэсне.

Ў тонь прошласці сплыве вадзіцай каламутнай,

І узрасце жыццё травічкай маладой.

 

Ды гэта йшчэ не ўсё. Ты ясным духам белым

Ляці, дзе толькі стогн з грудзей ірвецца набалелых,

Ды шчасця вобразам прад намі заясней,

Праменнямі любві нам сэрцы абагрэй.

З вачэй, застыўшых ад жыцця сцюдзёных маразоў

І звяўшых, як трава, прад восені парой,

Гарачымі цалункамі спій слёзы,

На сэрцы адагрэй... Любовію святой

Нас вырві да жыцця ад смерці хмары чорнай,

Што ўсё хватае нас рукой сваёй праворнай.

Пабітых, як ядром, нутра уласнай сілай

Радочкамі кладзе у дол сыры — магілу...

Прад мужным ўзорам ярка заясней

У светлых вобразах прычудлівых надзей

І ўсё жыццё свяці нам зоркай-правадніцай,

Засохшым смагай вуснам будзь жывой крыніцай...

1912


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан