epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Летам

Дзень прыгожы, светлы, ясны,

Поўны сонечных праменняў,

Прыгажосці рада ўласнай,

Рэчка плынь удаль струменіць,

Йдзе дзяўчына да прычалу —

Вузел у руках вялізны!

Саступае ў дол памалу

З грудай вымытай бялізны.

Тварык сонейкам асмужан,

Косы кінуты на спіну,

На прычале мокры кужаль

У ваду кладзе дзяўчына.

Пранік — лясь і лясь па дошцы,

Сыпле іскры-самацветы.

А дзяўчына ўсё палошча

Чысты, белы кужаль гэты.

Пырскі на грудзях, на косах,

Што закінуты на спіну...

Уся яна, як кветка ў росах,

Беларуская дзяўчына!

1959 г.


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан