epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Летнім вечарам

Задумлівы вечар спусціўся на пожні,

З зялёнага лесу ішоў асцярожна

Па поле жытное па выцвілых травах.

Стаялі снапы у дрымотных паставах.

А толькі за рэчкай гармонік тужлівы

Разліў па наўколлю свае пералівы.

Там быццам хто жаліўся цёмнае ночы,

Што жыць без кахання не можа, не хоча,

Што хочацца сэрцу схіліцца да сэрца,

Што мара аб гэтым за песняй імкнецца.

А тая, што мае чароўныя вочы,

Ні слоў тых, ні песні той слухаць не хоча.

Даўно ўжо іграе гармонік у змроку.

Дзяўчына пачула матыў той здалёку.

Гармонік ёй шчыра гаворыць-спявае:

«Дзяўчынка, той хлопец цябе ўспамінае,

Табе аб каханні сказаць ён не ўмее:

Ты зрокам халодным гасіла надзеі.

Смяяцца з другімі ты звонка умела,

А ён адыходзіў, тужлівы, нясмелы,—

Што ж робіш ты з хлопцам, дзяўчына?..»

Святло сваё месяц па сцежках раскінуў.

Гармонік спыніўся, замоўк нечакана —

То хлопец спаткаўся з дзяўчынай каханай!

1953 г.


1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан