epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Ліпы

Водар салодкі наўкола льюць ліпы,

Як матылькамі хтось дрэўцы абсыпаў...

Вецці - у кветках імкліва-крылатых,

Быццам бы ў ветразях туга напятых.

Так вось глядзіш, і праз хвілю здаецца,

З ножкі галінка ў палёт адарвецца

І панясецца з вятранаю хваляй,

Пахам мядовым напоўніўшы далі...

 

На Беларусі таксама ёсць ліпы,

Не матылькамі іх ліпень абсыпаў.

Вораг, на захад адходзячы міма,

Іх апавіў і пажарам і дымам.

Курчацца ў полымі свежыя вецці,

Зоры пажарам над імі там свецяць...

Нерасквітнеўшыя родныя ліпы

Попел ад спаленых вёсак абсыпаў.

 

1944

 


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 1. Вершы.; Паэма [Аўт. уступ. артыкула Д. Чаркасава]. -- Мн.: Маст. літ., 1981. -- 302 с., 1 с. іл.
Крыніца: невядомая