epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Люблю

Люблю наш край - старонку гэту,

Дзе я радзілася, расла,

Дзе першы раз пазнала шчасце,

Слязу нядолі праліла.

Люблю народ наш беларускі,

Хаціны ў зелені садоў,

Залочаныя збожжам нівы,

Шум нашых гаяў і лясоў,

І рэчку, што імкліва воды

Імчыць ў нязведаную даль,

І схілы берагоў пясчаных,

І яснасць чыстых яе хваль.

Люблю вясну, што ў кветкі, зелень

Аздобіць радасна зямлю,

Буслоў на гнёздах клекатанне

І спеў жаўроначка люблю.

Гарачую спякоту лета

І буру летнюю з дажджом,

Як гром грыміць, а ў чорных хмарах

Маланка зіхаціць агнём.

І восень сумную люблю я,

І першы звон сярпоў і кос,

Як выйдуць жнеі збожжа жаці,

А касары - на сенакос.

Люблю зіму з яе марозам,

Што вокны прыбярэ ва ўзор,

І белы снег, што, ўкрыўшы поле,

Ірдзіцца бляскам ясных зор.

Люблю ў пагодную я ночку

Дапозна на дварэ сядзець,

Сачыць за сініх зор мігценнем,

На месяц залаты глядзець.

І песню родную люблю я,

Што дзеўкі ў полі запяюць,

А тоны голасна над нівай

Пераліваюцца, плывуць.

Усё ў тым краі сэрцу міла,

Бо я люблю край родны мой,

Дзе з першым шчасцем я спазналась

І з гора першаю слязой.

 

1913

 


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 1. Вершы.; Паэма [Аўт. уступ. артыкула Д. Чаркасава]. -- Мн.: Маст. літ., 1981. -- 302 с., 1 с. іл.
Крыніца: невядомая