epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Люблю

Люблю наш край — старонку гэту,

Дзе я радзілася, расла,

Дзе першы раз пазнала шчасце,

Слязу нядолі праліла.

Люблю народ наш беларускі,

Хаціны ў зелені садоў,

Залочаныя збожжам нівы,

Шум нашых гаяў і лясоў,

І рэчку, што імкліва воды

Імчыць ў нязведаную даль,

І схілы берагоў пясчаных,

І яснасць чыстых яе хваль.

Люблю вясну, што ў кветкі, зелень

Аздобіць радасна зямлю,

Буслоў на гнёздах клекатанне

І спеў жаўроначка люблю.

Гарачую спякоту лета

І буру летнюю з дажджом,

Як гром грыміць, а ў чорных хмарах

Маланка зіхаціць агнём.

І восень сумную люблю я,

І першы звон сярпоў і кос,

Як выйдуць жнеі збожжа жаці,

А катары — на сенакос.

Люблю зіму з яе марозам,

Што вокны прыбярэ ва ўзор,

І белы снег, што, ўкрыўшы поле.

Ірдзіцца бляскам ясных зор.

Люблю ў пагодную я ночку

Дапозна на дварэ сядзець,

Сачыць за сініх зор мігценнем,

На месяц залаты глядзець.

І песню родную люблю я,

Што дзеўкі ў полі запяюць,

А тоны голасна над нівай

Пераліваюцца, плывуць.

Усё ў тым краі сэрцу міла,

Бо я люблю край родны мой,

Дзе з першым шчасцем я спазналась

І з гора першаю слязой.

1913


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан