epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Май

На зямлю сыходзіць май прыгожы

Пад птушыны звон, у бляску сонца.

І здаецца — недарэмна, можа,—

Што падобны ён да камсамольца.

 

Колькі іх — імклівых і гарачых —

На святочных бачылі перонах!

І хоць вочы ў час расстання плачуць —

Слёзы з губ сплываюць усміхнёных.

 

Вось яна танцуе на пероне,

Лёгка, спрытна — проста глянуць люба.

І юнак пахарашэў сягоння:

Свеціць позірк і смяюцца губы.

 

Клічуць іх дарогі-пуцявіны,

Спорная і маладая праца,

Ў эшалонах — хаты і машыны,

Каб зямлю араць і будавацца.

1956 г.


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан