epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Мае думы я складаю ў песні...»

Мае думы я складаю ў песні —

І яны ў душы маёй пяюцца —

Як птушыны звон у дзень той весні

Ў пошуме лясным каскадам льюцца.

Ты паслухай толькі гэта дзіва,

Гэты цуд ажыўшае прыроды...

Пойдзеш далей, лёгкі і шчаслівы,

З пачуццём душэўнай асалоды.

І цябе асеніць сонца ласкай,

І налье душу пачуццем чыстым,—

Так як дзень наліты сінім бляскам,

Так як лес — гучаннем урачыстым.

Думы лёгка льюцца ў словы песні,

Гукі ў матывы лёгка льюцца...

Зачарованай іду па ўзлессі,

А да ног лагодна травы гнуцца...

Мяккі мох дыван шаўковы сцеле,

Сядзь, маўчы! І толькі ціха слухай:

Жорнаў часу гора тваё меле

І — у кут ссыпае, ацярухай.

1968 г.


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан