epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Маё шчасце міма толькі што прайшло...»

Маё шчасце міма толькі што прайшло,

Закрануўшы сэрца залатым крылом...

Сэрца сцялі болем сум, туга і жаль.

Прамільгнула шчасце незваротна ўдаль.

 

Ці ж калі на свеце гэтак дзе было,

Каб дарогай шчасце міма сэрца йшло?

Даганяць? Дарэмна! Крыллямі ўзмахне,

Праляціць яшчэ раз міма ля мяне.

 

Сумна-сумна стала. Шлях ахутаў мрок.

А ісці — патрэбна! Ну, за крокам крок.

І прывыкнуць вочы, і прывыкнеш ты —

І не будзе страшна гэтай цемнаты.

 

Мо засвецяць зоры на тваім пуці

І без шчасця можна праз жыццё прайсці?

А яно? Вось міма толькі што прайшло,

Зачапіўшы сэрца залатым крылом…

1946


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан