epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Маладосць

Дарагі ты ў жыцці нашым госць,

Залатая пара — маладосць.

Ўсе мы помнім час радасны гэты,

Калі сэрца натхненнем гарыць,

Калі сіла ў жылах бурліць

І не ўсе яшчэ песні прапеты.

Ўсё, што ў свеце найлепшага ёсць,

У табе гэта ёсць — маладосць.

Помню ўзлёты дум светлых і чыстых

І імкненні гарачай душы,

Прага ведаў і прага спяшыць

Да крыніцы пазнання празрыстай.

А цяпер — ўсе багацці свае

Маладосці душа аддае,

Вопыт наш даць патомкам мы рады.

Ўсе вялікія продкаў дары —

Ты ідзі і ўсім сэрцам бяры,

Наш шчаслівы, багаты нашчадак.

Найбагатшы наш дар — гэта мір

І свабоды бязмежная шыр,

Дасягненні высокай навукі.

Дарагой гэта ўзята цаной,

З тых багацтваў усіх — ні адно

Не далося нам проста у рукі.

Бой крывавы прыйшлося вясці,

Каб пракласці свой шлях у жыцці...

Ваявалі мы кроўю і словам.

Гэтым шляхам сягоння вядзе

Наша партыя к шчасцю людзей.

І мы к подзвігам новым — гатовы.

1959 г.


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан