epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Масква прытуліла, як маці...

Часта ў мяне пытаюцца, чаму я жыву ў Маскве, а не на Беларусі. Аб гэтым трэба расказаць падрабязна, інакш не будзе зразумела.

Перад першай сусветнай вайной я працавала ў Полацку, у беларускай кнігарні. Але выбухнула вайна 1914 года, і доля закінула мяне ў канцылярыю Усерасійскага земскага саюза. Амаль да канца вайны праездзіла з той канцылярыяй па Заходнім фронце. Там я пазнаёмілася і па шчырай прыхільнасці выйшла замуж за Віталія Калечыца, студэнта Пятроўска-Разумоўскай сельскагаспадарчай акадэміі. Мы жылі спачатку ў Валакаламскім павеце. Муж мой быў участковым аграномам на станцыі Шахаўская, а потым загадчыкам саўгаса Данілкава, ля паўстанка Матроніна.

Тады да нас, першы раз у жыцці ўзяўшы водпуск, прыехаў з Беларусі мой бацька Антон Аляксандравіч. Трагічна склаўся гэты водпуск. Ён у дарозе захварэў на крупознае запаленне лёгкіх і праз тыдзень памёр. Пахавалі яго ў Матроніна, на могілках, паставіўшы бярозавую агароджу, з такіх жа бярвенняў зрабілі высокі крыж. Так першым з нашай сям’і «трапіў» у Маскоўскую вобласць мой бацька.

У 1923 годзе мы з мужам і з маленькім сынам Жэнем пераехалі ў Маскву: мужа прызначылі на першую сельскагаспадарчую выстаўку аграномам на паляводчыя пасевы. Маці засталася адна на Беларусі. Сястра мая Іна Антонаўна выйшла замуж за Сілівестра Лысава, які працаваў ляснічым пад Масквой на станцыі Галіцына, і мела ўжо двое дзетак.

Вярнуўся з фронту брат Віця, які добраахвотнікам пайшоў у Чырвоную Армію (у адным акне ваенкамата 14-гадовага не прынялі, а ў другім — сказаў, што яму 16. Узялі. Быў ён хлопцам рослым і дужым). А прыйшоў з вайны — не было за што зачапіць рукі. Тады мы з сястрой забралі да сябе: я брата, а сястра маму. Так уся сям’я па волі абставін апынулася ў Маскве і Падмаскоўі.

Тут мы перажылі цяжкія часы голаду, холаду, разрухі і дачакаліся лепшай долі. Дзеці нашы выраслі, паканчалі вышэйшыя навучальныя ўстановы, тут засталіся працаваць. Разраслася вялікая сям’я, з якой я арганічна звязана і душой, і пачуццямі, і той сардэчнай дружбай, якая моцна сцэментавала нас на ўсё жыццё.

Але ніколі, ні на хвіліну не забывала я родны край, наш беларускі народ, мудры, лагодны, добры да сяброў і страшны да ворага. Вось і цяпер стаяць у вачах людзі з нейкімі прасветленымі дабратой тварамі. Мужчыны — працавітыя, гаспадарлівыя, што спагадліва і лагодна вітаюць чалавека пры сустрэчы. Жанчыны — ласкавыя, добразычлівыя, гасцінныя, мяккія.

Успамінаючы самае ранняе дзяцінства, я не магу ўявіць сабе з’явы майго жыцця ў нейкай стройнай паслядоўнасці. Паўстаюць у памяці паасобныя абразкі, ярка, выпукла.

Вось адзін з першых, яшчэ не вельмі выразных успамінаў. Шырока льецца вада ля парога дома і праз парог. Дрэвы ў вадзе. На ўзгорках каля дрэў туляцца сарны, іх шмат. Алені бегаюць па вадзе, іх толькі два. Бацькі выносяць усе рэчы на другі паверх вялізнага, старога палаца, дзе на гарышчы гучна крычалі совы і пішчалі, нячутна лятаючы, кажаны. Гэта паводка на Іслачы ў Звярынцы, дзе працаваў мой бацька аб’ездчыкам у графа Тышкевіча. Тады я была зусім малая.

Другі, больш выразны, успамін — гэта сасновы бор, які пачынаўся адразу за нашым домам. Маці пагнала карову да статка, а я пабегла за ёй. Яшчэ не ўзыходзіла сонца, і мне было трошкі страшна бегчы адной па высокім насыпе, на якім лягла дарога ў лес. Абапал насыпу стаялі дрэвы. Злева цягнулася балота, там раслі дрэвы дробныя і было шмат моху, па якім рассцілаўся журавіннік — дробненькія лісточкі на тоненькіх, як нітачкі, галінках. Справа стаялі высокія чырванастволыя сосны з шырокімі густа-зялёнымі вяршынямі. Я аслупянела, зачараваная цудоўным відовішчам, на вяршынях усімі колерамі вясёлкі загарэлася густая раса. Шырокія палотны павуціння, развешаныя на дрэвах, зіхацелі і пераліваліся казачнымі ўзорамі. Гэты незабыўны вобраз роднай прыроды глыбока запаў мне ў памяць. Я і сёння ўяўляю яго сабе ва ўсіх найдрабнейшых дэталях. Было гэта ў Барсуковіне, куды перавялі майго бацьку на большы аб’езд.

І ўжо зусім выразна помню Сугвазды — маленькі домік ля садка з разваленым плотам і каламутнай сажалкай з карасямі. І наводдаль вёска, дзе была школа, куды я пайшла ў першую восень. У садку раслі яблыні, грушы, слівы. Было вельмі цікава раніцой па халоднай расе выбегчы босай у сад падбіраць падалікі, збіраць сыраежкі, якіх там было шмат.

У школе я адчувала сябе добра. Але ўразіў мяне першы экзамен. Я добра ўмела пісаць, чытала таксама. Настаўніца паслухала, як я чытаю. Потым дала мне аловак і сказала: «Напішы два словы — «агонь гарыт». Я так і напісала. А калі яна падкрэсліла тры памылкі, я заплакала. Я ж напісала так, як яна гаварыла! Настаўніца засмяялася. «Не думай,— сказала яна,— што ты ўсё ўмееш. Дзеля таго каб шмат ведаць, трэба многа і доўга вучыцца, а ты яшчэ зусім малая». Так скончылася маё бесклапотнае дзяцінства. Школа была не блізка. Зімой намятала снегу, і мы грузлі ў гурбах, дабіраючыся да школы.

Мы ўсе — Стася, я, Эдзік, Іна і Віця (мае сёстры і браты) — вельмі любілі чытаць кнігі. Бацька, заўважыўшы гэта, стараўся дастаць кнігі. Ён выпісваў дзіцячую літаратуру ў Вільні, браў кніжкі ў суседзяў, купляў дзе толькі мог. Мы чыталі шмат. Аднойчы ён прынёс беларускую газету «Наша ніва». Там былі надрукаваны вершы Якуба Коласа і Янкі Купалы. Нам яны вельмі спадабаліся. Помню, як мы чыталі і перачытвалі іх без канца. І неяк прыйшло нам у галаву самім напісаць вершы. Было гэта ў 1909 годзе. Я напісала верш «Лес». Кароценькі, вельмі просты вершык:

 

Ой ты, лес зялёны,

Чаго ты шуміш,

Ці жыць табе трудна,

Чаму не маўчыш?

Ці якое гора

Усё цябе гняціць,

Ці якая пошасць

Над табой вісіць?

Ой, то і не пошасць,

Не цяжар то дум,

Бура мне наводзіць

Гэты страшны шум.

Страшыць мяне бура,

Што ідзе здалёк

І вярхі сасонак

Сцеле ўпапярок.

 

Брат параіў паслаць верш у «Нашу ніву». Але я сказала, што пасылаць баюся. Эдзік падахвоціўся зрабіць гэта сам і падпісаў верш: «Э. Буйло». І якое ж было наша здзіўленне, калі рэдакцыя прыслала «Нашу ніву» з надрукаваным вершам.

Шмат потым бачыла я лясоў і палёў. Але вастрыня юначага ўспрымання пакінула ў памяці свае, беларускія ў непараўнальнай красе. І неба ў Беларусі зусім іншае. Дзе яно такое мяккае, ласкавае і добрае! Дзе вы бачылі такія празрыстыя, ружовыя зоры? Ні ў Маскве, ні ў Крыме, ні на Байкале, ні на Балтыцы — нідзе я не сустракала той зачараванасці, якая ўласціва цудоўнай прыродзе Беларусі. І сягоння я лёгка прыгадваю гаркаваты пах вольхі над рэчкай Іслаччу, бачу маланкавыя рухі ўюноў у празрыстай вадзе на жоўтым дне ракі. Помню, у Барсуковіне я ўваходзіла ў лес, як у таямнічы, невядомы свет, поўны цудоўных знаходак і адкрыццяў. Ішла праз поле — і спеў жаўранка дзесьці высока ў небе так гарманічна спалучаўся з хараством зялёных палёў, кустоў у пушыстых жоўтых пупышках, што ўсё гэта злівалася ў суцэльную сімфонію, зачароўваючы вочы і слых.

А побач з гэтым хараством людское гора. Цёмныя, зморшчаныя твары, запалыя вусны, цяжкія ад знясільваючай працы рукі. Беднасць, цемра. Здзіўлялі мяне старыя дзяды, якія сядзелі на прызбах, грэючы на сонцы кашчавыя плечы. У самую душу заглядалі іх вочы, у якіх свяціліся дзіцячая чысціня, глыбокая мудрасць і нейкая сарамлівасць за свой цяжкі і беспрасветны лёс. Усміхаліся яны так, быццам адчувалі сваю віну за тое, што ўсім нам так цяжка жывецца. Гэта першыя ўражанні свядомага дзяцінства, якое ўжо ставіла пытанні, але не ўмела адшукаць адказу на іх.

Потым былі сустрэчы з людзьмі, якія пакінулі глыбокі след у маім жыцці. Захапленне вершамі Купалы, Коласа, Багдановіча, Бядулі. Знаёмства з Уладкай Станкевічанкай, будучай жонкай Купалы. З гэтай сям’ёй звязала мяне моцная і шчырая дружба з юнацкіх дзён і да апошніх хвілін іх жыцця. Мяне зачараваў талент Купалы, які спалучаў тонкі, чулы лірызм з грамадзянскім пафасам. Памятаю, як мароз драў скуру, калі пачула першы раз верш «А хто там ідзе?». І цяпер мурашкі прабягаюць па спіне, калі ўспамінаю той час.

Успамінаю сустрэчу са Старым Уласам, які лічыўся рэдактарам «Нашай нівы», хоць болей, як іншыя, гаспадарылі там браты Луцкевічы — Іван і Антон. Памятаю Ядвігіна Ш., аўтара апавяданняў, якія краналі мяне сваёй шчырасцю. Захаплялася я і цудоўнай лірыкай Бядулі, поўнай прачулага суму і нейкай асаблівай напеўнасці. Любіла чаканна звонкі верш Багдановіча, гартаваны, як сталь, і мяккі ў пачуццях, як мелодыі Чайкоўскага.

Усё гэта ўплывала на маю творчасць. Мелі на яе ўплыў і Шаўчэнка, і Міцкевіч, і Пушкін, і Лермантаў, і Славацкі, і Колас, Аляксей Талстой, Горкі, Дастаеўскі, Паустоўскі, Твардоўскі, Куляшоў. Ды ці можна пералічыць усіх, чые розум, талент, душа адбіліся ў памяці назаўсёды?

Вучылася ў Вільні на настаўніцкіх курсах. Потым працавала настаўніцай у вёсцы. І ўвесь час пісала вершы, якія тады шырока друкаваліся ў часопісах маладой беларускай літаратуры.

* * *

У 1945 годзе памерла мая маці Настасся Францаўна. Не дачакалася, бедная, звароту з вайны сына Віці, але мы ўжо атрымалі вестку, што ён жывы і хутка прыедзе да нас. Пахавалі маму на могілках вёскі Троіца каля станцыі Катуар Савёлаўскай чыгункі.

Мінула больш за 30 год з дня пахавання, а блакітная агароджа на яе магілцы заўсёды свежа пафарбавана, чырвоная зорка на помніку зіхаціць пурпурам. У агароджы вырасла цудоўная пушыстая бярозка, у нагах — ніцая вярба. З прыгорка могілак далёка відаць палі, лугі, лясы, і здаецца, што мама чуе, як мы ўсёй сям’ёй прыходзім да яе.

Разам з другім мужам Барысам Мацвеевічам Ермаковым, як і раней, жыву ў Ціхвінскім завулку ў Маскве. У гэтай трохпакаёвай кватэры прайшло многа год майго жыцця. Тут напісана шмат вершаў, перажыты часіны гора і сапраўднага чалавечага шчасця. Дом гэты, яго сцены для мяне не толькі месца, дзе я жыву. Ён сведка маіх трывог і радасцей, болю і шчасця. Вось чаму я не магу пакінуць Маскву. У гэтым доме часта бываў у мяне сардэчны, ціхі ў размове, у якой быў заўсёды глыбокі сэнс, Янка Купала. Тут з ім і без яго часта гасціла разумная, быстрая на словы і рухі, сардэчная, любімая мной Уладка.

Пасля смерці Купалы яна жыла ў мяне. Уладка вельмі цяжка перажывала гэтую смерць. Дагэтуль я ніколі не бачыла чалавека ўчарнелым ад гора. Уладка была чорная, не толькі твар, але і рукі. Бедная мая Уладка, верны мой таварыш — ад дзяцінства да глыбокай старасці! Шмат разам перажыта, адчута, прагаворана. Потым захапіла яе праца ў музеі Купалы, загадчыцай якога яна стала.

* * *

Мінск я бачыла розным у розны час. Быў ён падобны больш да вялікага мястэчка, чым да малога горада. Гэта да рэвалюцыі.

Памятаю, выклікала мяне паштоўкай княгіня Радзівіл з просьбай наведаць яе ў Мінску. Я вельмі здзівілася такому запрашэнню, але ўсё ж з цікавасцю паехала ў Мінск. Дзе, на якой вуліцы быў тады дом княгіні, цяпер не памятаю. Увайшла я ў пад’езд. Барадаты швейцар у ліўрэі, прачытаўшы паштоўку, паказаў рукой наверх. Я з цікавасцю аглядала шырокую лесвіцу, засланую дыванамі. Нейкая жанчына правяла мяне ў пакой княгіні.

Спаткала мяне сухая старая. У вочы мне кінуліся шаўковыя падушкі паўз сцяну, на якіх ляжалі калматыя рыжыя і чорныя сабачкі. Іх было шмат. Княгіня адвяла маю ўвагу ад іх, запрасіўшы сесці. Сама яна прысела на высокім мяккім крэсле. «Вы — Канстанцыя Буйло?» — ветліва спыталася яна. Я гэта пацвердзіла і падала ёй паштоўку. «Я хачу вам запрапанаваць паступіць у варшаўскі манастыр шарытак. Там вы прабудзеце нейкі час. Калі вырашыце стаць шарыткай, я ўнясу за вас багаты пасаг. Нам трэба мець уплыў на беларускую палітыку. Там вас навучаць усяму, што трэба. Вы можаце там пісаць па-беларуску і дайсці да высокіх годнасцей. Нам гэта вельмі карысна. Я думаю аб беларусах».

Я не спыталася, якую карысць атрымае Беларусь ад таго, што я стану манашкай, і адразу сказала, што не маю ніякага прызвання да манашскага сану. «Шкада»,— суха сказала княгіня і развіталася са мной.

Потым я бачыла Мінск пасля вайны. Разбураны, у кучах друзу, ляжаў ён распластаны на плошчах і вуліцах. Палонныя немцы разбіралі руіны. І мне дзіка было бачыць фашыстаў, якія знішчылі горад, забілі столькі людзей, а цяпер пакорліва разбіраюць завалы і больш падобны на простых рабочых, чым на драпежных заваёўнікаў.

Я бачыла, як Мінск узнімаўся з руін. Ачышчаліся вуліцы, адкрываліся плошчы, а дзе-нідзе ўжо ўзнімаліся муры адноўленых дамоў.

Як малады прыгожы волат устаў Мінск пад блакітным небам, раскінуўшы шырокія вуліцы, зялёныя скверы, вялікія плошчы, акружаныя дамамі такой прыгажосці і велічы, якой там ніколі не было. І мне хацелася і смяяцца, і плакаць, гледзячы на красу нашага Мінска.

Я мела сур’ёзныя прапановы ўрада і Саюза пісьменнікаў БССР пераехаць у Мінск. Чаму я гэта не зрабіла — я расказала вышэй. Мяне, як родная маці, прытуліла Масква. Гэта мая другая Радзіма. Але Беларусь я помню, Беларусь я люблю, Беларусь бачу я вачыма душы — свабодную, шчаслівую, з яе акрыленым народам, які заваяваў сабе свабоду ў час Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі.

1973 г.


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан