epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Маўклівай быць я не умею, не магу...»

Маўклівай быць я не умею, не магу,

Паветра ўсё наўкола песняй дыша,

Яе матывы сэрца мне калышуць,

Як ветрык майскі травы на лугу.

Прыходзяць словы, ладзяцца у гукі,

Звіняць, як птушкі ранняю вясной,

Запісваць іх не паспяваюць рукі,

Так многа іх сягоння тут са мной.

Яны — як хвалі, што ідуць на бераг

І б’юцца ў грудзі нерухомых скал,

Каб мёртвы груз нізрынуўся ў абвал,

Каб адчыніць жыццю шырока дзверы.

Гудзі, душа, гудзі, як бура ў моры,

Пабудкай светлай радасці гудзі,

І грому гулам калышы прасторы,

І слоў гарачых не студзі!

1971


1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан