epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Многа ў моры бліскучых каменняў...»

Многа ў моры бліскучых каменняў,

Многа дзівоснага ў моры на дне,

Глянуць бы раз, цераз прызму натхнення,

Ўсё каб адкрылася мне.

Коцяцца хвалі тугой чарадою,

Гнецца празрысты блакіт,

Шмат непазнанага тут пад вадою,

Скарб тут вялікі укрыт.

Шмат мы ўжо ведаем. Многа пазналі,

Многа яшчэ таямніц,

Ключ ад якіх у бяздонне схавалі

Шэрыя цені імгліц.

Годы ідуць і стагоддзі праходзяць,

Дзень наш гарыць ўсё святлей —

Людзі шукаюць і людзі знаходзяць

Усё, што схавана ў імгле.

1960


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан