epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Многа зорак! Мне ж не свеціць ні адна...»

Многа зорак! Мне ж не свеціць ні адна,

Бо не я табой любіма, а яна,

Тая, што сягоння лоўка на лагу

Ладавала сена граблямі ў стагу.

Бачыла: глядзеў ты ёй услед,

Быццам засціла яна табе ўвесь свет.

Ёсць у ночкі залатыя рубяжы,

Ты аб ёй мне ні славечка не кажы.

Я ж іду з табой вось побач, не яна!

Не адну я ночку правяла без сна,

Бо здавалася чамусьці гэтак мне,

Што другую ты кахаеш, не мяне...

Мілы, родны... Сэрца з радасці пяе,—

Ты са мной!

А чым я горша за яе!

Я люблю! Любіць магу так толькі я!

Дай мне шчасце, радасць светлая мая!

Я люблю — і сэрца сонечна пяе,

Ты са мной!..

А чым я горша за яе?!

1952 г.


1952

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан