epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Многастаночніца

Аб чым ты марыш ля станкоў,

Дзяўчо семнаццаці гадкоў?

Як твар твой прамянее ясны!

Падходзіш ранкам да станка,

Ніць вяжа лоўкая рука,

А промені ў вачах не гаснуць.

 

Краса, здароўе, маладосць

І здатнасць да работы ёсць —

Так аб табе гавораць людзі.

Ткачыхай знатнай стала ты,

Высокі ордэн залаты

Дзявочыя ўпрыгожыў грудзі.

 

Аб чым жа марыш ты яшчэ?

Дабротны шоўк ракой цячэ

З-пад бёрдаў, плынню залацістай.

А на дварэ бурліць вясна,

І капяжы каля акна

На сонцы ззяюць бляскам чыстым.

 

Тут шмат станкоў. Адна між іх —

З вянком кудзерцаў залатых —

Працуеш з маладым задорам.

Любімай быць жадаеш ты?

«Што ж, будзеш!» — шалясцяць ніты

Пад звонкіх бёрдаў пераборы.

1958 г.


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан