epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Мой дом

Дом, мой дом! Таварыш мой любімы!

Ласкай атуляюць твае сцены...

Тут світалі вёсны, леты, зімы —

І ўсе падзеі долі зменнай...

Тут цвілі шчаслівыя хвіліны,

Тут жыла любоў, што сэрца грэла,

Тут радзіўся мой сынок адзіны,

Тут яму я калыханкі пела...

Ну, а той, што быў навекі любы,

Выйшаў згэтуль ў бездань той разлукі

Што вяла людзей на боль, на згубу,

Без віны аддаўшы іх на мукі...

Дом мой, дом... Нас беды не сагнулі,

Нельга было гору паддавацца,

Ў нас вайны пажары палыхнулі,

Да Масквы стаў вораг падбірацца...

Адступалі... Нам было нялёгка

Пакідаць зямлю бацькоў, Радзіму,

Быў палон, і лёс палынна горкі

Ў сэрца глянуў грознымі вачыма.

Беларусь! Край родны у палоне!

Ды не паланянкай,

Што ў слязах ад гора нема тоне —

Яна стала грознай партызанкай.

Вораг адчуваў зямлі «забранай»

Непахіснасць і змагання сілу.

Гнеў народны, страшны, нестрыманы,

Клаў гасцей нязваных у магілы...

А Масква была нам роднай маці.

Ў гэтай горкай і суровай долі...

Дом прыхільнасці сваёй не страціў,

Хоць стаяў, як сімвал бед і болю...

Бомбы выхлясталі яму вочы,

Град асколкаў муры пакалечыў.

Шторы чорныя і ўдзень і ўночы

Мрок гусцілі... Быў тут вечны вечар.

Холад зім сцінаў марозам сцены,

Не было святла, вады і газу...

Ну — а звонку, ты стаяў нязменны —

Як і я — не дрогнуўшы ні разу.

Позна вечарам ідзеш з работы,

У бушлаце, ватніку салдацкім,

І няма пачуцця адзіноты:

Дом абніме —- і ўсціскам брацкім

У пасцелі кажухом атуліць...

Спіш спакойна. Толькі гук трывогі,

Як назло, слых спрасонку муліць...

Дом, мой дом! Твае сляпыя вокны

Я забіла жоўтаю фанерай.

Быццам бельмаў ліпкія валокны —

Зрок твой скрылі пад пялёнкай шэрай.

І глядзеў ты, інвалід нязрачы,

На прастор астылы снежных вуліц...

Як салдат, што ранен і не плача,

Толькі твар ў далонях быццам туліць.

Дом мой дом! І я ж зусім не плачу,

Хоць мне цяжка, хоць мне вельмі трудна...

Шмат каго ў жыцці я не убачу,

Спяць сябры сном вечным, непрабудным,

Іх вайна паклала у магілы,

Іх, герояў славы векапомнай,

Што раструшчылі фашызма сілу

Сілай нашай арміі нязломнай... '

Дом мой дом! І ты узнёсся ўгору.

Пескаструйкамі адмыты чыста,

І глядзіш выносна ў прасторы

Новых вокан бляскам прамяністым.

Стаў ты цёплы, светлы і утульны,

Я жыву тут з пасівелай скронню...

Ўздым народнай працы, ўздым агульны

Дом, мой дом! А — калі я не ўстану...

Калі нейкім ранкам не ачнуся...

Салютуй ты мне — як капітану,

Што — ў свой час — на мосцік не вярнуўся...

1964 г.


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан