epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Можа, гэта так і не было...»

Можа, гэта так і не было,

Можа, гэта мне цяпер здалося:

Ў нас раслі даўжэйшыя калоссі,

Жыта ў нас цяжэйшае расло.

 

Я стаю на ўзмежку сярод ніў, —

Даль вачам шырокая адкрыта,—

І гляджу на маладое жыта,

Што яшчэ не увайшло ў наліў.

 

Ў небе плаўна ходзяць каршуны,

Распластаўшы вераломна крылле...

Ці мы думалі аб тым, ці снілі,

Каб Радзіму вораг паланіў?..

 

Дзе звісае цёмны небакрай,

Дзе ўзнімаюцца гарбамі хмары,

Там — зямлі бацькоўскае абшары,

Мой любімы беларускі край.

 

Вось, здаецца, толькі прыпадняць

Небасхілу лёгкую завесу —

І прагляне сінь густога лесу,

І прагляне наша сенажаць.

 

Зашуміць ліствой зялёны гай,

І рассцелюцца усе дарогі

Стужкамі шаўковымі пад ногі,

Каб маглі мы край свой прывітаць.

 

Веру, прыйдзе грозны час расплаты,

Хмара ненавісная сплыве.

Ўстане край у сонечным сяйве,

Ўсенароднай славаю абняты.

 

Можа, гэта так і не было,

Можа, ад самоты мне здалося:

Ў нас растуць даўжэйшыя калоссі,

І паўней іх лета наліло.

1944


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан